Ад Вялікага чацвярга да Ўваскрасення: хроніка Пасхальнага Трыдыуму ў Фаніпалі
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Гэтымі словамі каталікі Фаніпаля сёння вітаюць адзін аднаго, вызнаючы галоўную таямніцу хрысціянскай веры — Уваскрасенне Хрыстова. Радасць Вялікадня напаўняе нашыя дамы і сэрцы.
Гэтаму светламу дню папярэднічаў Пасхальны Трыдыум — тры дні, калі Касцёл разам з Хрыстом праходзіць шлях ад Апошняй вячэры да Крыжовай ахвяры і цішыні гробу. Менавіта гэтыя дні складаюць духоўную кульмінацыю літургічнага года. Узгадаем, як гэта было ў Фаніпалі.
Вялікі чацвер
Вялікі чацвер распачаў Пасхальны трыдыум. У гэты дзень каталікі Фаніпаля сабраліся ў святыні на ўрачыстай Імшы Вячэры Пана, каб узгадаць Апошнюю вячэру Хрыста, падчас якой былі ўстаноўлены Сакраманты Эўхарыстыі і Святарства. Вернікі дзякавалі Богу за святароў, асабліва за нашага ксяндза-пробашча. На заканчэнне Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі быў паранесены ў так званую “цямніцу” у памяць пра арышт Хрыста і ноч, праведзеную Ім у вязніцы.






Вялікая пятніца
Гэта адзіны дзень у годзе, калі ў касцёле няма Святой Імшы. У гэты дзень парафіяне сабраліся ў святыні на Літургіі Мукі Пана. На пачатку літургіі святар у цішыні ўвайшоў у касцёл і лёг ніцма перад алтаром, што сімвалізуе пакору і смутак. Затым усе выслухалі Евангелле ад Яна, якое апісвае муку і смерць Пана. Пасля распачалася адарацыя Крыжа: вернікі падыходзілі да крыжа і ўшаноўвалі яго пацалункам. На завяршэнне Літургіі Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены да Гробу.












Вялікая субота
Гэта дзень, калі Касцёл прабывае ў жалобе і маўчанні перад грабніцай Пана і Збаўцы. На працягу ўсяго дня ў святыні трывала Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Вернікі прыходзілі ў касцёл, каб у малітоўнай цішыні пабыць сам-насам з Езусам у грабніцы. Адбывалася асвячэнне страў на велікодны стол. Кульмінацыяй Вялікай суботы стала Пасхальная Вігілія, якая распачалася на вуліцы абрадам асвячэння агню. Падчас гэтай святочнай літургіі вернікі аднавілі абацанні Хросту і пачулі “Аллелюя”, якое не гучала ў касцёле на працягу 40 дзён посту.












Нядзеля Змёртвыхпаўстання
У нядзелю на світанні адбылася ўрачыстая рэзурэкцыя. Вернікі прайшлі працэсіяй вакол касцёла, гучным спевам і званамі абвясціўшы гораду і наваколлям, што Хрыстос Уваскрос!






Дзякуй усім, хто на працягу гэтых дзён трываў на малітве!