Віншаванні ксяндза-пробашча з нагоды Вялікадня
Дарагія вернікі і прыхільнікі фаніпальскай парафіі!
Мы ідзём за Хрыстом, спяваючы ва ўвесь голас радаснае «Аллелюя» і славячы Бога за вялікія і цудоўныя справы.
З года ў год для многіх людзей праўда Ўваскрасення становіцца не толькі прыгожай вясенняй урачыстасцю, але i цэнтрам, асновай жыцця. Людскiя сэрцы ўсё больш ажываюць, прымаючы Божую ласку, адгукаюцца на званы Хрыстовага Ўваскрасення, на праўду, любоў, міласэрнасць, шчырасць і ахвярнасць. Гэта можам назіраць і сярод вернікаў нашай парафіі. Многія з вас не толькi клапоцяцца аб тым, каб наш Касцёл быў прыгожым i чыстым, але i прыкладаюць намаганні, каб хрысціянскае жыццё парафіяльнай супольнасці ўмацоўвалася і напаўнялася Божым зместам. А гэта немагчыма без веры ў Хрыста, які перамог смерць і жыве сярод нас.
Няхай жа чарговы раз у зямным жыцці, калi мы святкуем Яго перамогу, Хрыстос прынясе плёны сваёй крыжовай смерці і ўваскрасення — надзею і велікодную радасць, прымірэнне з Богам і паўнату жыцця, а вы, дарагія вернікі, парафіяне, у еднасці са Збавіцелем будуйце Божае Валадарства ў чалавечых душах, каб той, хто шукае Бога і Збаўлення, знайшоў Яго сярод нас.
…Напоўнiм вечным кожны момант,
Падняўшы Крыж Хрыста як сцяг,
I пад грахоўным бураломам
Да Царства Бога знойдзем шлях! (А.Н.)
Ксёндз-пробашч Дзяніс Шастаковіч, MSF