Вернікі Фаніпаля святкуюць Вербную нядзелю
Сёння вернікі Фаніпаля разам з каталікамі ўсяго свету адзначаюць Вербную нядзелю. У гэты дзень у літургіі Касцёла ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Іерусалім за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Паводле Святога Пісання, людзі з натоўпу, якія віталі Хрыста, слалі на дарогу вопратку і пальмавыя галінкі, усклікаючы: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана». У нашай традыці пальмавыя галінкі замяніла вярба, якая дадаткова сімвалізуе вясну і абуджэнне прыроды ад зімовага сну.
Святочная Імша распачалася ўрачыстым уваходам. Цэнтральным яе момантам стаў евангельскі аповед пра мукі Хрыста, які ў гэты дзень традыцыйна чытаецца па ролях. Напрыканцы Імшы святар асвяціў галінкі вербаў, прынесеныя вернікамі.
Вербная нядзеля распачала Вялікі тыдзень — час засяроджання і развагі над мукамі Пана. Запрашаем да удзелу ў набажэнствах Пасхальнага трыдыум. Расклад тут




















