Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Урачыстасць Першай Святой Камуніі адбылася ў нашай парафіі

27-05-2023

27 мая, у Вігілію Спаслання Святога Духа, шэсць нашых малодшых вернікаў упершыню прынялі ў сваё сэрца Езуса ў выглядзе белай гостыі. Гэты дзень стаў радасным і доўгачаканым не толькі для дзяцей, іх бацькоў і родных, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці.

Святочная Імша распачалася ля крыжа: бацькі ўдзялілі сваім дзецям благаславенства, пасля чаго ўрачыстая працэсія пад спевы божага люду накіравалася да святыні.

Падчас гаміліі ксёндз-пробашч Дзяніс падкрэсліў выключную ролю гэтага дня і заахвоціў маленькіх вернікаў не змарнаваць вялікі дар, які яны атрымалі, развіваць і паглыбляць сваю веру, а таксама памятаць, што хрысціянскае жыццё не павінна скончыцца ў дзень прыняцця Першай камуніі або адразу пасля яго. Затым слова ўзялі парафіянкі Вольга і Алена, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі аб тым дні, калі упершыню дакрануліся да жывога Езуса, і далі сведчанне сваёй веры.

Пасля гаміліі адбылося вызнанне веры з запаленымі свечкамі ў руках. Малітва вернікаў, працэсія з дарамі, Эўхарыстычная малітва. Самым хвалюючым быў момант прыняцця Святой Камуніі, падчас якога ўсе вернікі сапраўды сталі адной Божай сям’ёй, якая павялічылася праз поўны ўдзел у Эўхарыстыі на 6 дзяцей.

Пасля святой Імшы дзеці падзякавалі бацькам – за першае вучэнне малітвам, ксяндзу і катэхетам – за тое, што дапамаглі глыбей пазнаць сутнасць каталіцкай веры. Пасля таксама словы падзякі выказалі бацькі.

Дзякуем усім, хто прычыніўся да арганізацыі гэтай урачыстасці: за прыгатаванне дэкарацый, падрыхтоўку літургіі, спевы.

Аўтар фота – Галіна Бражыцкая

Аўтар відэа – Аляксей Дзядзюля