Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Юбілейны дзень нараджэння святкуе Юлія Васілеўская. Віншуем!

24-01-2025

Сёння ў нашай парафіяльнай сям’і чарговая нагода для віншаванняў. Найлепшыя пажаданні кіруем у бок Юліі Васілеўскай, якая адзначае прыгожую дату ў сваім жыцці. Карыстаючыся момантам, запрашаем бліжэй пазнаёміцца з нашай парафіянкай.

Юля нарадзілася ў праваслаўнай сям’і, якая рэдка наведвала царкву. Святара тут бачылі ў асноўным падчас вялікіх святаў або на пахаваннях. Але, дзякуючы бабулі, якая была практыкуючай веруючай, Юлія вывучыла асноўныя малітвы, праўда, на рускай мове.

Тата ў Юліі ваенны, таму сям’і даводзілася часта пераязджаць. У пэўны момант дзяўчына разам з бацькамі апынулася ў вёсцы Скірмантава, што на Дзяржыншчыне. Тут Юля закончыла школу, пазней бацькі пабудавалі кватэру ў Фаніпалі, і сям’я зноў пераехала.

Вызначальнай падзеяй у жыцці Юліі стала сустрэча з будучым сужонкам Эдуардам, які паходзіў з традыцыйнай каталіцкай сям’і. Юнак даволі рана страціў бацьку, а яго маці – веруючая каталічка – заўсёды была ў касцёле і прывіла веру ў Бога сваім дзецям. Дарэчы, першы раз Эдуард прывёў Юлю ў касцёл, нават не папярэдзіўшы яе! Але такі сюрпрыз не спалохаў дзяўчыну. Наадварот, ёй спадабалася – і яна стала наведваць храм часцей. Шлюб маладая пара атрымала ў парафіі ў Новым Свержані з рук ксяндза Станіслава Салаты, намаганнямі якога пачалося адраджэнне касцёла ў Фаніпалі.

Сёння Юлія з мужам – актыўныя члены фаніпальскай парафіяльнай сям’і. Яны заўсёды гатовы дапамагчы ў розных патрэбах. Сужонкі выхоўваюць траіх сыноў – Андрэя, Івана і Сямёна. Старэйшыя хлопцы служаць пры алтары Пана як міністранты. Вырашэнне жыццёвых праблем сям’я Васілеўскіх давярае Богу. Калі ўзнікаюць цяжкасці, яны разам ладзяць пілігрымкі ў Будслаў або Гудагай. Юлія вельмі ўдзячна сваёй свякрові Рэгіне Чэславаўне і адзначае, што яна – чалавек вялікай веры, які моцна паўплываў на яе лёс.

Дарагая Юлія, віншуем з Днём нараджэння! Няхай кожны новы дзень будзе асветлены і атулены Божаю ласкаю. Моцнага здароўя, трываласці, шчодрых дароў Духа Святога для ўсёй вашай сям’і!