Урачыстасць тытулу касцёла адзначылі ў Фаніпалі
12 і 13 чэрвеня ў нашай парафіі адбыўся парафіяльны адпуст. Паколькі касцёл мае падвоены тытул — у гонар Сэрца Езуса і Сэрца Марыі, святкаванні, паводле традыцыі, доўжыліся два дні.
У пятніцу, ва Ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, ад 15-й гадзіны ў парафіі трывала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта. Кульмінацыяй дня стала вячэрняя святочная літургія, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Ксёндз-пробашч прывітаў шаноўнага госця ля крыжа, а пазней са словамі вітання звярнуліся вернікі. Вітаючы біскупа і дзякуючы за прынятае запрашэнне, парафіяне ўзгадалі, што шлях нашай парафіі быў нялёгкім. Прыйшлося прайсці праз шмат перашкод і выпрабаванняў, каб у Фаніпалі быў свой касцёл. Іерарх, у сваю чаргу, адзначыў, што кожны раз, калі праязджаў па шашы каля нашай святыні, благаслаўляў парафію, а сёння шчыра цешыцца з магчымасці быць тут і маліцца разам з гэтай супольнасцю.






У часе гаміліі, разважаючы над сэнсам урачыстасці, ксёндз-біскуп засяродзіўся на думцы, што Бог — наш Айцец, а Сэрца Айца заўсёды схіляецца да сваіх дзяцей, асабліва калі тыя сутыкаюцца з цяжкасцямі. “Сэрца Езуса — гэта тая моцная рука, якая здольна разбурыць людскія кайданы і вярнуць чалавеку сапраўдную свабоду і магчымасць быць дзіцём божым”, — адзначыў іерарх.









Падчас ахвяравання дароў вернікі прынеслі да алтара Пана кветкі і цяпку — сімвалы працы, а таксама сігнатурку — невялічкі званочак, які кожны раз будзе абвяшчаць усім прысутным у святыні аб пачатку Святой Імшы. Дзеці парафіі ахвяравалі вяночкі з зёлак.







Напрыканцы літургіі біскуп узнёс малітву прысвячэння парафіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.



Другі дзень парафіяльнага фэсту распачаўся фацімскім ружанцам. Вернікі разам маліліся да Сэрца Марыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Урачыстую адпустовую Імшу ўзначаліў ксёндз Уладзіслаў Лазар, які падчас казання асаблівым чынам засяродзіўся над сэнсам слова “шчасце”.
Пасля літургіі святкаванне прадоўжалася ў сямейнай атмасферы ў дольным касцёле. Вернікаў чакаў багаты стол, які прыгатавалі парафіяльныя гаспадынькі, а таксама выступ ансамбля “Вербіца”, які спецыльна завітаў у Фаніпаль, каб раздзяліць радасць адпустовых урачыстасцяў.









Дзякуй ксяндзу-біскупу Аляксандру, святарам Дзмітрыю, Аляксандру і Яўгенію, што знайшлі час, каб трываць з намі на супольнай малітве. Таксама вялікі дзякуй усім, хто прычыніўся да таго, каб гэтая ўрачыстасць была ўзнёслай і незабыўнай!


