Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса касцёл у Фаніпалі наведаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Касцёл у Фаніпалі – адзіная ў Беларусі святыня, што носіць тытул Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. З прычыны падвойнай назвы парафіяльный адпуст у нас святкуецца два дні.
Першы дзень, ён жа восьмы пасля урачыстасці Божага Цела, асаблівым чынам прысвечаны Сэрцу Хрыста – сімвалу любві Бога да людзей. Святочныя набажэнствы ў нашай парафіі распачаліся з выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту. У цішыні вернікі маглі паразмаўляць з Богам, прадставіць яму свае падзякі і просьбы.
Затым адбылося прывітанне шаноўнага госця – ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Парафіяне сустрэлі пастыра ля крыжа і пасля благаславенства ва ўрачыстай працэсіі пракрочылі да святыні. Тут адбылося павітанне хлебам-соллю, а пасля старшыня касцёльнага камітэту Алена Протас здзейсніла невялічкі экскурс у гісторыю, каб распавесці, як фарміравалася нашая супольнасць і праз колькі выпрабаванняў прыйшлося прайсці дзеля будовы святыні.
Яго Эксцэленцыя ўзначаліў святочную Эўхарыстыю, падчас якой зазначыў, што вельмі важна несці Евангелле не толькі ў сэрцы, але і ў сваіх далонях. Сёння – як ніколі – патрэбна даць свету Бога праз учынкі і словы. Іерарх падкрэсліў, што мы, парафіяне, якія будуюць гэтую святыню, павінны быць сведкамі веры і імкнуцца распальваць і пашыраць яе ў сваім горадзе і па-за яго межамі.
Напрыканцы Імшы найбольш актыўныя вернікі атрымалі з рук арцыпастыра лісты падзякі за ўдзел у жыцці супольнасці, а таксама за намаганні ў будове святыні.
Дзякуем арцыбіскупу Юзафу за божае слова, благаславенства і прысутнасць сярод нас у гэты ўрачысты дзень! Таксама дзякуй ксяндзам Аляксандру, Валянціну, Уладзіміру, Юрыю, якія далучыліся да супольнай малітвы. Дзякуй кожнаму, хто праз той ці іншы спосаб прычыніўся да аганізацыі гэтай урачыстасці!

















