Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Ва ўрачыстасць Святой Троіцы ў фаніпальскай парафіі адбылася Першая Святая Камунія

26-05-2024

Сёння, 26 мая, паўсюдны Каталіцкі Касцёл адзначае Урачыстасць Святой Троіцы. Для касцёла ў Фаніпалі гэты дзень стаў адметны тым, што некалькі дзяцей з нашай парафіі першы раз у жыцці прынялі жывога Езуса ў сваё сэрца.

Гатай важнай падзеі папярэднічала доўгая падрыхтоўка. На працягу двух гадоў дзеці наведвалі заняткі рэлігіі, пазнавалі праўды хрысціянскай веры, а пасля здалі экзамен, які прадэманстраваў паўнату атрыманых ведаў.

Святочная атмасфера на пляцоўцы каля касцёла панавала задоўга да пачатку Імшы. Расчуленыя бацькі давалі апошнія наказы сваім дзецям. Затым у прысутнасці парафіян, што сабраліся на нядзельную Эўхарыстыю, бацькі благаславілі сваіх сыноў і дачок, якія ўрачыстай працэсіяй увайшлі ў святыню.

Падчас казання ксёндз-пробашч Дзяніс, галоўны цэлебрант святочнай Імшы, у чарговы раз нагадаў усім прысутным, у чым сутнасць Святога Прычасця. “Зло не існуе само па сабе, як не існуюць цемра або холад. Зло – гэта адсутнасць Бога. А Святое Прычасце – гэта магчымасць быць заўсёды побач з Ім, прычастным да Яго збаўленчай ласкі”, – зазначыў ён.

На працягу Імшы ўся ўвага была скіравана на першакамунійных дзяцей. Яны чыталі Божае Слова, узносілі малітву верных, удзельнічалі ў працэсіі з дарамі. Важным момантам святочнай Эўхарыстыі стала аднаўленне абяцанняў Хросту: з запаленымі свечкамі дзеці самастойна вызналі сваю веру.

Закончылася Святая Імша словамі падзякі святару, катэхетам і бацькам.