Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Вернікі Фаніпаля святкуюць Вербную нядзелю

24-03-2024

Сёння каталіцкі Касцёл узгадвае ўваход Езуса Хрыста ў Іерусалім. У нашай традыцыі гэты дзень больш вядомы як Вербная, або Пальмовая нядзеля. Вернікі прыносяць у храм галінкі вербы, каб асвяціць іх, на знак памяці аб тым дні, калі напярэдадні сваіх пакут Хрыстос урачыста ўязджае ў Іерусалім, а мясцовыя жыхары з энтузіязмам вітаюць Яго галінкамі пальмы.

Для каталікоў Фаніпаля гэтая Вербная нядзеля ўвойдзе ў гісторыю, як выключны дзень. Менавіта сёння, 24 сакавіка, Святая Імша ізноў цэлебравалася ў асноўнай святыні. На працягу двух год, ад Вялікадня 2022 года, набажэнствы праводзіліся ў дольным касцёле. Верхняя частка была зачынена для вернікаў, бо перажывала этап рамонтных работ.

Парафіяне доўга чакалі гэты дзень, рыхтаваліся да яго і духоўна, перажываючы Велікапосныя рэкалекцыі, і фізычна, вымываючы падлогу і выносячы смецце.

Што ўдалося зрабіць за два гады, можна ўбачыць на здымках ніжэй. Варта адзначыць, што ўсё гэта было б немагчыма без апекі Сэрца Езуса і Марыі, якім прысвечана наша святыня, шаноўнаму ксяндзу-пробашчу Дзянісу Шастаковічу, які нястомна крок за крокам кіруе працэсам будовы, а таксама нашым дабрадзеям, якія дзеляцца сродкамі, ахвяруюць свой час і падтрымліваюць малітоўна.

Год 2024

Год 2022

Хвала Пану за ўсё, што маем!