Вернікі парафіі Сэрца Езуса і Марыі ў Фаніпалі здзейснілі пілігрымку ў Мядзел і Ваўкалаты
Лістапад — месяц асаблівай малітвы за памерлых. Вернікі традыцыйна ўдзельнічаюць у спецыяльных набажэнствах, падчас якіх вычытваюцца імёны памерлых, наведваюць могілкі. Каб супольна памаліцца за душы, церпячыя ў чысцы, парафіяне з Фаніпаля далучыліся да адмысловай пілігрымкі-ахвяры.
Спачатку пілігрымы накіраваліся ў Мядзел, дзе наведалі касцёл Маці Божай Шкаплернай і на мясцовай Кальварыі прайшлі крыжовым шляхам. Мядзельская Кальварыя, якая складаецца з 14-і капліц-стацый і Гары Крыжоў, — унікальнае для Беларусі месца. Яна паўстала ў XVII стагоддзі. У часы змагання з верай і Касцёлам месца культу прыйшло ў заняпад, але было адноўлена намаганнямі мясцовых вернікаў і айцоў кармэлітаў, якія нясуць служэнне ў мядзельскай парафіі.
Наступным пунктам пілігрымкі стаў касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Ваўкалатах. Гэтая святыня адметна тым, што ў ёй знаходзіцца адзіны ў Беларусі абраз Маці Божай, Апякункі душаў чысцовых. Тут вернікі прынялі ўдзел у Эўхарыстыі.
Шчырыя словы падзякі духоўнаму кіраўніку пілігрымкі — ксяндзу Дзянісу, які ў чарговы раз збірае ўсіх разам, а таксама кожнаму, хто далучыўся да супольнай малітвы!