Вялікі Чацвер. Устанаўленне Эўхарыстыі і Сакраманту Святарства
Вячэрняя літургія Вялікага Чацвярга дэфінітыўна завяршае Вялікі Пост і распачынае Cвяты Пасхальны Трыдуум — перыяд найважнейшых урачыстасцяў для хрысціян.
У Вялікі Чацвер літургія сканцэнтравана вакол алтара і складаецца з трох галоўных матываў.
- Устанаўленне Эўхарыстыі, як Ахвяры Новага Запавету і формы пастаяннай прысутнасці у супольнасці Касцёла, ахвяры сапраўднага Ягняці, якім ёсць Хрыстос.
- Устанаўленне Сакраманту Святарства, праз якi Хрыстос ажыццяўляе сярод нас свае вялікія збаўчыя справы.
- Навука любові і пакоры праз абмыццё ног вучняў.
Эўхарыстыя — гэта ахвяра любові. Любоў чыніць так, што мы становімся здольнымі да яе спазнання і прыняцця ва ўзаемным замілаванні, у нашай самаахвярнасці. У практыцы хрысціянскага жыцця нельга раздзяляць Эўхарыстыю і братнюю любоў. Той, хто ўдзельнічае ў Эўхарыстыі, павінен прыняць жыццё ў пакоры, паслухмянасці, узаемнай паслузе, каб гэты ўдзел быў шчырым, каб памятка Мукі, Смерці і Змёртвыхпаўстання Пана атрымала сваё поўнае значэнне.
Літургія Вялікага Чацвярга праходзіць наступным чынам.
Уступныя Абрады
Урачыстая працэсія з’яўляецца запаведдзю, што уваходзім у нябесную, боскую рэчаіснасць, якая нясе збаўленне. Падчас Імшы гучыць урачысты радасны гімн “Хвала на вышынях Богу”, які адсутнічаў на працягу амаль што ўсяго Вялікага Посту. У часе гімна звоняць званы, якіх больш не пачуем аж да пасхальнай Вiгiлii, бо наступныя падзеі будуць мець характар цярпення, болю, самоты.
Літургія Слова
У Евангеллі, што пачуем, указана нам пакора і любоў Хрыста, які абмывае ногі вучням. Хрыстос праз эўхарыстычную ахвяру нястомна нам служыць, абмывае ад грахоў і заклікае, каб мы наследавалі Яго ў пакоры і любові да людзей. У некаторых парафіях нават прысутнічае абрад абмыцця ног на знак таго, як Хрыстос абмыў iх сваім вучням.
Камунія
У дзень устанаўлення Эўхарыстыі ў некаторых парафіях Святая Камунія ўдзяляецца пад двума постацямі: Цела і Крыві. У нашай парафіі гэта таксама будзе.
Пасля малітвы па Камуніі Божы Дар, якім ёсць Хлеб Эўхарыстычны, традыцыйна, калі існуе магчымасць, пераносіцца да бочнага алтара адарацыі, называнага цямніцай Пана. Там адбудзецца працяг малітвы.
Канчатковая дзейнасць літургічная
З галоўнага Алтара здымаецца абрус: канец вячэры. Прымаюцца ўсе ўпрыгожванні на знак таго, што Езус быў пакінуты праз усіх і пазбаўлены вопраткі. У старажытнасці нават быў звычай змываць алтарную пліту вадой і віном на знак таго, што з сэрца Езуса выплылі Кроў і Вада. Табернакулюм зазвычай пусты, вечная лямпа не свеціць.
На заканчэнне няма традыцыйнага бласлаўлення, бо Літургія Вялікага Чацвярга не заканчваецца. Яна працягваецца нават тады, калі вяртаемся да сваіх штодзённых абавязкаў. Мы павінны памятаць, што увесь час трываем ў Літургіі, дзе б не знаходзіліся: дома, на працы, у школе, ва ўніверсітэце. У гэтыя асаблівыя дні мы павінны пражываць сваю штодзённасць у лучнасці з Панам, будучы на Кальварыі, памятаючы і разважаючы Яго пакуты, самоту, здраду. Таму і няма канцавага бласлаўлення, бо ўсё наша штодзённае жыццё становіцца Літургіяй.
Заўтра Вялікая Пятніца — дзень Крыжа, працяг літургічных дзеянняў. Будзем жа трываць пры Крыжы, каб мець удзел у Яго перамозе.