Вялікая пятніца – дзень мукі і смерці Хрыста
У чацвер пасля Імшы вячэры Пана, калі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены на адарацыйны алтар (у «цямніцу»), для Касцёла настаў момант задумы і цішыні. На алтары знік абрус (алегорыя таго, што Езус пакінуты і без вопраткі кінуты ў цямніцу). Эўхарыстыя не цэлебруецца. Атмасферу Вялікай пятніцы можна ахарактарызаваць так: дзень, калі люд божы разважае над мукай свайго Пана, ушаноўвае Крыж і просіць Бога аб збаўленні для ўсяго свету.
У Вялікую пятніцу ўзгадваем падзеі, якія заканчваюцца ўкрыжаваннем Хрыста. Для ўсяго Касцёла гэта дзень вялікай скрухі і пакаяння з устрыманнем ад мяса і сціслым постам (ямо толькі адзін раз да сыта ў дзень). Нягледзячы на тое, што падзеі Вялікай пятніцы маюць моцную нагоду да плачу і жалобы, гэты дзень пранізаны матывам вялікай любові, якая вылучаецца ў крывавай ахвяры Хрыста. Касцёл Божы збіраецца, каб адараваць Бога, які ёсць Любоў у гэтым ахвярным акце. Мы не прыходзім на пахаванне, але з мэтай, каб сузіраць цану граху і умацавацца ў надзеі, што гэта смерць вядзе не ў магілу, а да перамогі.
Цэнтрам Вялікай пятніцы з’яўляецца набажэнства Мукі Госпада, хаця больш змястоўная 15-ая гадзіна – час смерці Хрыста. З пастырскіх меркаванняў (Вялікая пятніца не з’яўляецца выхадным днём) літургія адбываецца пазней, але ў нашым касцёле ў 15:00 адбудзецца Вяночак, якім распачнём навэнну да Божай міласэрнасці.
На саму Літургію вернікі збіраюцца ў цішыні, табэрнакулюм пусты, вечная лампада згашана.
Літургія Мукі Пана складаецца з чатырох частак.
Літургія слова
Святар апранае літургічныя шаты чырвонага колеру. Ён азначае каралеўскую пурпуру, у якую быў апрануты Езус. Ён Цар, які валадарыць з дрэва Крыжа. На пачатку Літургіі святар падае ніцма, а вернікі становяцца на калені. Гэты абрад выражае прыніжэнне «зямнога чалавека», смутак і боль усяго Касцёла, маўчанне і пакору перад Богам, перад таямніцай Вялікай пятніцы. Перад абліччам збаўчай смерці Езуса слоў недастаткова. Літургія Слова завяршаецца ўрачыстай агульнай малітвай, пад час якой молімся за Святы Касцёл, Папу, усе станы Касцёла, катэхуменаў (рыхтуюцца да хросту), за еднасць хрысціян, за юдэяў, за тых, хто не верыць у Хрыста, за тых, хто ўвогуле не верыць ў Бога, кіраўнікоў дзяржаў, прыгнечаных і церпячых. Гэтыя інтэнцыі выражаюць паўсюднасць мукі Хрыста, укрыжаванага дзеля збаўлення свету. Уся сям’я Бога, усё чалавецтва прыводзіцца да падножжа Крыжа, дзе Хрыстос памірае за кожнага. Молячыся ў шматлікіх інтэнцыях, мы адкрываемся на Бога і на Яго збаўленне.
Адарацыя крыжа
Галоўным момантам Літургіі Мукі Пана з’яўляецца адарацыя Крыжа. Асабістае пакланенне Крыжу (кленчанне і цалаванне) – самы сур’ёзны элемент гэтага абраду. Божую любоў, аб’яўленую нам ва Укрыжаваным, дазваляе лепей зразумець спеў “О мой народзе…”, які будзем выконваць. Гэта своеасаблівы дыялог паміж Богам і Яго народам: “Паглядзі, што Я зрабіў для цябе; і глядзі, што ты зрабіў са мною – са сваім Богам”.
Святая Камунія
Пасля адарацыі Крыжа засцілаецца алтар, і наступае абрад Святой Камуніі.
Адарацыя пры Божым Гробе
Пасля Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца да Гроба Гасподняга. Накідваецца вэлён – покрыва, што закрывае манстранцыю і сімвалізуе плашчаніцу, у якую было спавіта Цела Хрыста, а таксама з’яўляецца заслонай, якая пакуль яшчэ хавае таямніцу пасхальных падзей. Алтар зноў агаляецца, табэрнакулюм пусты. У цэнтры стаіць Крыж, перад якім трэба кленчыць да пачатку Пасхальнай вігіліі. Каля Божага Гробу праспяваем песні жальбы (3 частку) і памолімся ў цішыні.