Парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса
і Беззаганнага Сэрца Марыі

г. Фаниполь, пер. Богдашевского, 4

Вялікі Чацвер – дзень устанаўлення сакрамэнтаў

06-04-2023

Браты і сёстры!

Сёння распачынаем Пасхальны Трыдуум – перыяд, які з’яўляецца цэнтрам усяго літургічнага года. Абрады Вялікага чацвярга, пятніцы і ўрачыстая Пасхальная вігілія дапамогуць нам нанава перажыць таямніцу мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста. Гэтыя дні павінны абуджаць у нас моцнае жаданне далучыцца да Хрыста і паслядоўна ісці за Ім. Яны нагадваюць, што Бог так моцна палюбіў свет, што ахвяраваў Сябе за нас. Давайце зробім усё, каб як найлепей па-хрысціянску перажыць гэтыя дні і ўмацавацца ў любові, якую Бог мае да нас.

Пасхальны Трыдуум пачынаецца ў Вялікі Чацвер Імшой Вячэры Пана, хаця ў гэты дзень раніцай звычайна адбываецца яшчэ адна важная літургічная цэлебрацыя — Імша Хрызма, падчас якой духавенства архідыяцэзіі збіраецца вакол свайго біскупа, аднаўляе святарскія абяцанні і прымае ўдзел у благаслаўленні святых алеяў для намашчэння хворых і алею хрызма, які ўжываецца больш шырока (Сакрамэнт хросту, Канфірмацыі і Святарства, абрад намашчэння касцёлаў і алтароў).

Увечары цэлебруецца Імша Вячэры Пана. Варта спыніцца на некалькіх асаблівых момантах цэлебрацыі гэтай Вячэры. Падчас гімна «Хвала на вышынях Богу» звоняць званы, абвяшчаючы свету радасную вестку пра Бога, які пажадаў назаўсёды застацца з людзьмі у Сакраманце Эўхарыстыіі, а потым яны змаўкаюць да суботняга вечара, гэта значыць да Пасхальнай вігіліі, замест іх выкарыстоўваюць драўляныя стукачыкі або калаткі, якія маюць глухі гук і сімвалізуюць смутак, пакуту. Падзеі, якія адбываліся ў часе апошняй Вячэры, апісаны ў фрагменце Евангелля ад Яна (Ян 13, 1-15). У ім мы чытаем пра тое, як Хрыстос абмыў ногі дванадццаці апосталам. Праз гэты жэст Езус жадае натхніць сваіх вучняў, каб яны ва ўсе часы наследвалі Яго пакору ў служэнні іншым.

Эўхарыстычная літургія Вялікага чацвярга ўзгадвае момант устанаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту (Святой Імшы — пераўтварэння хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста), а таксама Сакраманту Святарства.

Пасля ўрачыстай святой Камуніі, якую вернікі прымуць пад двума постацямі (Цела і Крыві), Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца на спецыяльна падрыхтаваны адарацыйны алтар, які называецца “цямніцай”. Святар робіць гэта пасля спецыяльнай малітвы. Ля цямніцы Пана праспяваем песні жальбы (2-ю частку), узгадваючы, як Езус аддаў Сябе ў рукі людзей, што на наступны дзень будуць судзіць Яго.

Гасне вечная лампада, якая гарыць ўвесь год, табэрнакулюм цяпер пусты і адкрыты. З галоўнага алтара здымаецца абрус, што сімвалізуе самоту Хрыста: Яго пакінулі блізкія, Ён адзін. Пасля будзе магчымасць пабыць у ціхай малітве разам з Езусам, адараваць і таварышыць Яму ў цяжкі час, які Ён перажываў.

У дзень устанаўлення сакрамэнту святарства атулім малітвай святароў. Падтрымаем іх добрым словам, будзем добрымі і ўдзячнымі за іх святарскае служэнне Богу і Касцёлу.