Вялікая субота – дзень цішыні і жалобы
У Вялікую суботу Касцёл трывае ў маўклівай цішыні каля Грабніцы Езуса, сузіраючы Яго бясконцую і неспасцігальную любоў, выражаную праз муку і смерць. Мы пакланяемся Пану, які некалі глядзеў на кожнага з нас з вышыні крыжа з любоўю, якая надавала сэнс жыццю.
Пасхальная вігілія — чуванне, падчас якога не толькі ўзгадваецца, але і прысутнічае той, хто ўзгадваецца. У цудоўную ноч уваскрасення мы ўспамінаем вялікія справы божыя і чакаем на уваскрослага Хрыста. Ноч, але напоўненая святлом хвалы Божай, жывем яшчэ зямным жыццем, але ўжо ў жыцці вечным.
Пасля таго, як было асвечана вогнішча (абрад Літургіі святла, першая частка вігіліі), Святы Касцёл разважае пра вялікія справы, якія Пан Бог ад пачатку ўчыніў для свайго народа, і выказвае давер Божаму слову і Божым абяцанням ( другая частка, Літургія слова); потым, радуючыся уваскрасенню Госпада, Касцёл разам са сваімі новымі членамі, адроджанымі ў хросце (частка трэцяя), запрошаны да стала, які Пан падрыхтаваў для свайго народа праз свае смерць і ўваскрасенне (чацвёртая частка, Эўхарыстыя).
Літургія Пасхальная мае шмат знакаў і сімвалаў, але, правільна цэлебруемая, дазваляе лёгка прачытаць іх сэнс. Абмяркуем некалькіх найбольш важных і сімвалічных момантаў.
- Спачатку ў касцеле павінна згасіцца святло, трэба каб было цёмна. Гэта неабходна для таго, каб у поўнай меры быў бачны водблеск пасхальнай свечкі – сімвала паўстання з граху і смерці. Працэсія на чале з Пасхалам уваходзіць у касцел (сімвал выхаду ізраільцян з егіпецкага рабства і сімвал нашага следавання за Хрыстом). У поўнай цемры ёсць святло, якое рассейвае цемру. Ад гэтага святла ўсе вернікі запальваюць свае свечкі (недапушчальна запальваць іх запалкамі) – паходжанне святла сімвалізуе паходжанне веры ад самаго Бога. Паступова ўвесь храм напаўняецца святлом, крыніцай якога з’яўляецца пасхальная свечка. Затым гучыць спеў велікоднага паслання («Exsultet»), у якім распавядаецца пра таямніцу Мукі Пана, уключаную ў гісторыю збаўлення (падзеі супадаюць: напрыклад, «у тую ж ноч, што і ў ноч уваскрасення Хрыста, і ў тую ж ноч, што у ноч выхаду ізраільцян з зямлі рабства»).
- Літургія слова больш шырокая. Мы выслухаем ажно 5 чытанняў са Старога Запавету (а ўсяго іх 7), і 2 з Новага. Святло – Хрыстус – прыходзіць цяпер у выглядзе Слова. Уся літургія слова Вігіліі пасхальнай паказвае Божы план збаўлення: пачатак, шлях і пункт прыбыцця.
- Наступны элемент — Літургія хросту. Вада асвячаецца шляхам апускання ў яе пасхальнай свечкі. Затым вернікі аднаўляюць абяцанні хросту (трымаючы запаленыя свечкі — ад пасхалу, не ад запалак!) і акрапляюцца ў памяць аб хросце. Гэта важны момант: калісьці абяцанне ад нашага імя давалі бацькі, цяпер кожны ахрышчаны аднаўляе яго свядома — прымаючы на сябе адказнасць за прыналежнасць да Хрыста.
- Эўхарыстычная літургія з’яўляецца чацвёртай часткай вігіліі і яе кульмінацыяй. У самым поўным сэнсе гэта пасхальны сакрамэнт, гэта значыць успамін Ахвяры Крыжа і прысутнасці Уваскрослага Хрыста. Малітоўнае чуванне можа завершыцца рэзурэкцыйнай працэсіяй (у нас адбудзецца ў нядзелю ў7:00 на світанні), якая з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрасення Хрыста і заклікам да ўсяго стварэння ўдзельнічаць у трыумфе Уваскрослага і знакам нашага зямнога шляху, ісці за Хрыстом і наследаваць Яго.
Вігілія Уваскрасення доўжыцца працяглы час, каб мы цалкам зразумелі яе сутнасць, сур’ёзнасць і веліч. Доўгія гадзіны, праведзеныя ў касцёле, дазваляюць спакойна, уважліва перажыць усе чатыры часткі. Калі так званыя «практычнасць» ці недахоп часу выклікаюць у нас нецярплівасць ці нават пратэст супраць працягласці гэтай самай важнай Літургіі ў годзе, тады нам варта задумацца над сэнсам нашай веры, якая не мае часу на Ўваскрослага .